Евангельская царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць

Дата: 23-12-2013 10:54  
У 2013 г. адзначаецца 600-годдзе Евангельскай царквы ў Беларусі. Адным важных навуковых мерапрыемстваў у межах святкавання 600-гадовага юбілею Евангельскай царквы стала міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Евангельская царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць. (Да 600-годдзя Евангельскай царквы ў Беларусі)”. Канферэнцыя прайшла ў Мінскай багаслоўскай семінарыі 7 снежня 2013 г.
Для ўдзелу ў навуковым форуме сабраліся два дзясяткі навукоўцаў, якія займаюцца гісторыяй Евангельскай царквы Беларусі. Разам з імі ў якасці слухачоў прысутнічалі многія служыцелі евангельскіх цэркваў, выкладчыкі і студэнты семінарыі. Так, што на пленарным пасяджэнні было каля 50 чалавек.
Да канферэнцыі была прымеркавана фотавыстава па гісторыі Брэсцкай царквы евангельскіх хрысціян баптыстаў, падрыхтаваная дыяканам Царквы евангельскіх хрысціян баптыстаў на вул. Фартэчнай горада Брэста Аляксандрам Хабаўцом. А таксама выстава беларускіх перакладаў Бібліі.
Адкрыў пленарную сесію рэктар Мінскай багаслоўскай семінарыі Леанід Міховіч, які ў сваім прывітальным слове адзначыў, што гісторыя мае вялікае значэнне як ў жыцці царквы, так і грамадства ў цэлым. Таму святкуючы 600-годдзе Евангельскай царквы ў Беларусі, мы павінны больш поўна і падрабязна ведаць гэтую гісторыю, каб браць прыклад з тых, хто нёс святло Евангелля беларускаму народу ў ранейшыя часы, а канкрэтна з такіх герояў веры як Геранім Пражскі, Мікалай Радзівіл Чорны, Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Кецка і інш.


Праца канферэнцыі праходзіла па двух секцыях: “Гісторыя Евангельскай царквы Беларусі ад XV да пачатку ХХ стст.” і “Евангельская царква Беларусі ў ХХ – ХХІ стст.”
Завяршыла працу навуковага форума заключнае слова служыцеля Саюза евангельскіх хрысціян баптыстаў Аляксандра Фірысюка, які сказаў, што Евангельская царква здолела прайсці шматлікія выпрабаванні таму, што яна трымаецца на веры ў Бога. Як адзначыў А. Фірысюк, толькі на Біблія можа быць пабудавана паспяховае жыццё чалавека і народа.





Кацярына Унучак,
Дар’я Шэіна