ІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя

Дата: 10-12-2015 13:31  
ІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць. (Да 500-годдзя Мікалая Радзівіла Чорнага)”.

Адным з важных навуковых мерапрыемстваў у межах святкавання юбілею Мікалая Радзівіла стала ІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць. (Да 500-годдзя Мікалая Радзівіла Чорнага)”. Канферэнцыя прайшла ў Мінскай багаслоўскай семінарыі 5 снежня 2015 г.



Для ўдзелу ў навуковым форуме сабраліся больш два дзясяткі навукоўцаў сярод якіх прадстаўнікі Мінска, Брэста, Гродна, Полацка і іншых гарадоў Беларусі, а таксама ЗША. У працы канферэнцыі бралі ўздел служыцелі евангельскіх цэркваў, выкладчыкі і студэнты семінарыі.

Адкрыў пленарную сесію канферэнцыі рэктар Мінскай багаслоўскай семінарыі, генеральны сакратар Саюза ЕХБ у Беларусі Леанід Міховіч, які адзначыў выдатную ролю Мікалая Радзівіла Чорнага ў гісторыі Евангельскай Царквы Беларусі, у гісторыі беларускага кнігадруку, пашырэнні асветы. З гэтай прычыны было прынятае рашэнне надаць імя Мікалая Радзівіла Чорнага бібліятэцы Мінскай багаслоўскай семінарыі.



На працоўнай частцы пленарнай сесіі быў агучаны даклад “Мікалай Радзівіл Чорны (1515 1565): жыцьцё і памяць”, які зрабіў пастар Царквы хрысціян веры евангельскай “Ян Прадвесьнік” Антоні Бокун.
Закончылася пленарнае пасяджэнне прэзентацыяй фотавыставы пад назвай “Баптысцкія цэрквы Берасьцейшчыны ў ХХ – пачатку ХХІ ст.”, падрыхтаванай дыяканам Царквы евангельскіх хрысціян баптыстаў на вуліцы Фартэчнай горада Брэста Аляксандрам Хабаўцом.

Праца канферэнцыі праходзіла па двух секцыях: “Гісторыя Евангельскай царквы Беларусі ад XV да пачатку ХХ ст.” і “Евангельская царква Беларусі ў ХХ – ХХІ ст.”. Варта адзначыць, што на канферэнцыі былі прадстаўленыя як навукова-тэарэтычныя даклады, якія ахапілі практычна увесь храналагічны перыяд гісторыі Евангельскай Царквы Беларусі, так і навукова-практычныя выклады, у якіх закраналіся пытанні вуснай гісторыі, экскурсіяў па пратэстанцкіх мясцінах Беларусі, а таксама ўсталяванне ў нашай краіне помніка Бібліі. У канцы навуковага форуму ўдзельнікам была прэзентаваная тэатральную мініяцюра з жыцця Мікалая Радзівіла Чорнага.





Завяршыла канферэнцыю заключнае слова старшыні Міжканфесійнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва “Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь” Аляксандра Фірысюка, які сказаў наколькі важна гаварыць пра хрысціянскія каштоўнасці на розных высокіх форумах.



Наступная навукова-практычная канферэнцыя ў Мінскай багаслоўскай семінарыі адбудзецца ў снежні 2017 г., і будзе прысвечана 500-годдзю выдання Бібліі на беларускай мове.

Кацярына Унучак,
Дар’я Шэіна