Евангельская Царква Беларусі. Выпуск ІІ.

Дата: 20-10-2016 06:49  
Выйшла кніга “Евангельская Царква Беларусі. Выпуск ІІ”

Зборнік матэрыялаў ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць” (да 500-годдзя Мікалая Радзівіла Чорнага), якая адбылася 5 снежня 2015 г., выйшаў з друку ў кастрычніку 2016 г. у мінскім выдавецтве “Пазітыў-цэнтр”. Пад адной вокладкай у кнізе сабраныя артыкулы больш чым 20 беларускіх і замежных аўтараў, якія раскрываюць розныя аспекты гісторыі Евангельскай Царквы Беларусі з XVI ст. і да нашага часу.



13 кастрычніка 2016 г. у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханеса Рау адбылася прэзентацыя гэтага выдання. Прэзентацыя ладзілася ў межах міжнароднага круглага стала “Рэфармацыя ў кантэксце культурнага памежжа”, які быў арганізаваны супольнымі намаганнямі Мінскай багаслоўскай семінарыі Саюза ЕХБ у Беларусі і Рэсурсна-даследчага цэнтра Еўраазійскай акрэдытацыйнай асацыяцыі у рамках святкавання 500-годдзя Рэфармацыі.

На круглым стале былі прачытаныя даклады пратаярэя Аляксея Васіна, дацэнта Мінскай духоўнай акадэміі; Антонія Бокуна пастара менскай царквы ХВЕ “Ян Прадвесьнік”, Рымы Пашко дацэнта Інстытута тэалогіі БДУ і пробашча парафіі Святой Тройцы ў Друі Сяргея Сурыновіча. Практычна ўсе дакладчыкі звярталі ўвагу на тое, што ў цэнтры Рэфармацыі XVI ст. знаходзілася Біблія, і што толькі грунтуючыся на Святым Пісанні можна знайсці паразуменне паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі і наладзіць плённы дыялог паміж імі. У працы круглага стала ўзялі ўдзел каля 80 прадстаўнікоў акадэмічнай і духоўна-асветніцкай супольнасці з Беларусі, Украіны, ЗША, Літвы і Расіі.




Пасля навуковай часткі круглага стала адбыліся дзве прэзентацыі. Першым быў прэзентаваны Славянскі біблейскі каментарый, падрыхтаваны Еўраазійскай акрэдытацыйнай асацыяцыяй. Пасля гэтага адбылася прэзентацыя зборніка матэрыялаў канферэнцыі “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць. Выпуск ІІ”.



Адкрыў прэзентацыю зборніка рэктар Мінскай багаслоўскай семінарый Леанід Міховіч, які падзякаваў аўтарам, рэдакцыйнай калегіі, мастаку, перакладчыкам, карэктару і ўсім, хто працаваў над зборнікам. Таксама ён адзначыў, што гэта ўжо другая кніга, прысвечаная гісторыі Евангельскай Царквы Беларусі, якую выпусціла Мінская багаслоўская семінарыя, і што ёсць намер справу працягваць.

Ад аўтарскага калектыву выказалася Валянціна Яноўская, загадчык аддзела гістарыяграфіі і метадаў гістарычных даследавання Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Яна выказала падзяку ўкладальнікам зборніка за якаснае рэдагавання артыкула, і сказала што выданне гэтай кнігі з’яўляецца значным унёскам у гістарыяграфію гісторыі Евангельскай Царквы Беларусі. Таксама яна распавяла важны гістарычны факт са сваіх уласных даследаванняў, што евангельскія хрысціяне, якія жылі ў Беларусі ў ХІХ ст. у часе перапісу насельніцтва 1897 г., як правіла, называлі сваёй роднай мовай беларускую.

Ад імя рэдкалегіі зборніка ўдзельнікаў прэзентацыі павітаў Юрась Бачышча, дацэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Ён адзначыў, што беларускія і замежныя даследчыкі за апошнія гады зрабілі досыць шмат у справе даследавання гісторыі Евангельскай Царквы Беларусі, але яшчэ ёсць многія пытанні, якія чакаюць даследавання, і што толькі супольнымі намаганнямі розным навукоўцаў можна не толькі адказаць на пытанні, але нават сфармуляваць іх, і менавіта з гэтай мэтай праводзяцца канферэцыі і выдаюцца зборнікі. Таксама Ю. Бачышча запрасіў усіх удзельнікаў прэзентацыі ўзяць удзел у ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць”, якая адбудзецца 9 снежня 2017 г. у Мінскай багаслоўскай семінарыі і будзе прысвечана 500-годдзю беларускай Бібліі і 500-годдзю Рэфармацыі.



Рэцэнзент зборніка, рэдактар часопіса “Архэ” Алесь Пашкевіч сказаў, што кніга атрымалася грунтоўнай і збалансаванай, паколькі пад адной вокладкай змешчаны тэксты і акадэмічных навукоўцаў і дзеючых служыцеляў Евангельскай Царквы Беларусі. Ён таксама адзначыў, што гэтая кніга з’яўляецца карыснай як для дасведчанага чытача, так і для таго, хто толькі пачынае вывучаць гісторыю Евангельскай Царквы Беларусі.



У заключным слове на прэзентацыі старшыня Праўлення Біблійнага Таварыства ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Фірысюк адзначыў, што Біблійнае Таварыства ў Рэспубліцы Беларусь прыняло зварот да грамадскасці ў сувязі з 500-гадовым юбілеем беларускай Бібліі і заклікаў усіх прысутных грунтаваць сваё жыццё і сваю справу на Слове Божым.
Завяршыла працу круглага стала супольная малітва за народы Усходняй Еўропы.